Я

Пра адкладзенае на потым

Заплянаваныя допісы так і не былі дагэтуль напісаныя, паспрабую выправіцца ў бліжэйшы час. А пакуль праанансую чарговую гульню з удзелам нашай каманды: заўтра а 11-ай на АНТ мы згуляем у фінале сэзону брэйн-рынгу (можа глядзець і інтэрнэт-трансьляцыю на сайце ont.by). Для тых, хто прапусьціць, я выкладу і гэтую гульню, і папярэднія ў адным з наступных допісаў. Stay tuned, як кажуць)
Я

Пра неарыгінальнасьць

Вітаю тых нешматлікіх чытачоў майго жж, хто яшчэ не забыўся пра яго існаваньне. У апошніх некалькіх і прытым даволі даўніх запісах прысутнічалі анонсы маіх ТВ-подзьвігаў, не абміне гэтая тэма і дадзены допіс. Асабліва ўлічваючы тое супадзеньне, што на гэтым тыдні нашу каманду пакажуць і па беларускай, і па азейбарджанскай тэлевізіі.

Пачнем з ужо вядомага некаторым з вас беларускага брэйн-рынгу. Першая гульня з нашым удзелам ужо выйшла і яе можна пагядзець тут, а другая будзе дэманстравацца ў гэтую нядзелю на АНТ а 11:30 і яе таксама можна будзе потым паглядзець у запісы на ютубе.

А вось у Баку мы здымаліся ўпершыню (у прынцыпе я ўвогуле першы раз быў у гэтым горадзе і пазьней магу апісаць свае ўражаньні) — ў аналягічным па фармату праекце наша каманда прадстаўляла Беларусь на міжнародным кубку па брэйн-рынгу. Наша першая гульня паказвалася ўчора і яе запіс можна паглядзець альбо тут (пераключыцца на 25.03 і выбраць час 21:10), альбо тут. Наступная перадача будзе дасяжная ў гэтую суботу недзе а 22:00 па нашым часе (калі знайду ейны запіс, то падзялюся з вамі).

Пра ўскосную прычыну майго жж-маўчаньня і самую галоўную падзею мінулага года чытайце ў наступным допісе)

Collapse )
Я

Зубр Карла Маркса стрыт

Для пачатку чарговы анонс: заўтра мяне пакажуць у вечаровы прайм-тайм, праўда, не АНТ, а СТВ. Глядзіце "сталічны канал" а 18.30 1-га сакавіка, будзе сапраўды цікава.

Акрамя таго хацеў падзяліцца думкамі наконт апошняга фільма Скарсэзэ. Пра тое, што Леа адыграў цудоўна, казаць ня буду, гэта і так зразумела ўсім, хто бачыў. Зазначу, што ён ужо некалькі год адзін з улюбённых маіх актораў і мне падабаюцца ўсе ягоныя ролі (нават Джэк Доўсан)). За апошні год я яшчэ бачыў яго на вялікім экране ў Таранціно("Django Unchained") і Лурмана("The Great Gatsby"), таксама раю, калі вы прапусьцілі. Але вернемся ў мір фінансістаў і махляроў (хаця, калі вы хочаце ўбачыць ды Капрыа ў ролі віртуознага падманшчыка, то лепей выбраць "Catch Me If You Can"): у "The Wolf of Wall Street" як раз няшмат часу прысьвечана хітрым схемам. З большага вы ўбачыце, што з чалавекам могуць зрабіць вялікія грошы і апантанасьць. Згодна з гэтым фільмам атрымоўваецца, што багацьце ня можа ісьці побач з сумленьнем, а сумленьню застаецца "дабірацца на працу на мэтро". Гэткая гіпэрбалізацыя, можа і не ўласьцівая для ЗША з іхняй ідэяй "амэрыкан дрым", але выглядае даволі натуральна на нашых прасторах. Я і раней задумваўся, ці ёсьць у Беларусі багатыя людзі, якія сапраўды ўсяго дасягнулі самі і пры гэтым змаглі пазьбегнуць цікавасьці з боку адпаведных асобаў.

Яшчэ адна ідэя ў тым, што зарабіць можна толькі падмануўшы. І мне таксама стала цікава, а ці магчымы поўнасьцю празрысты бізнэс, напрыклад: ты ведаеш, што "айфон" каштуе 500 даляраў, зь іх сябекошт 300, а 2 сотні ідуць у кішэню ўладальнікаў вытворчасьці. Ці прасьцей людзям будзе плаціць за паслугу, калі яны будуць дакладна ведаць усе складнікі кошту. Для мяне гэта тэма вельмі цікавая, у шырокім сэнсе, таму напішу яшчэ больш падрабязна. Але ці можна лічыць падманам тое, што рабілі героі фільму? Так, яны абяцалі "залатыя горы" тым, хто ўкладзе свае грошы, але не прымушалі гэта рабіць. Я задумаўся, чаму махлярства лічыцца злачынствам, хаця людзі аддаюць свае грошы добраахвотна, а калі дзяржава забірае іх прымусова, то гэта называецца падаткамі, мытамі, і лічыцца нармальным. І наколькі я разумею, штрафы за махлярства ідуць у бюджэт, а не тым, каго падманулі (хаця ў гэтым магу памыляцца, але з большасьцю штрафаў гэта ж адбываецца так?).

І ўсё-роўна на працягу фільму мне было прасьцей атаесамляць сябе з непадкупным фбраўцам, які можа і шкадуе пра свой лад жыцьця, але атрымоўвае задавальненьне ад чарговай пасадкі "злачынца-мажора", чым з гэтымі самымі "мажаромі". Пэўна, усё ж грошы — не самае галоўнае ў жыцьці.
Я

Проста анонс

Цяпер я бачу, што нехта яшчэ чытае гэты журнал, і ёсьць натхненьне пісаць часьцей. Але менавіта зараз напішу толькі яшчэ адзін анонс на заўтра. Глядзіце а 11.30 на АНТ фінальную гульню лютага. І чакайце новых допісаў)
Я

Доўгая дарога да жж

Нешта зацягнулася мае маўчаньне. Пры гэтым я працягваю чытаць усіх маіх фрэндаў, але вось напісаць усё рукі ці галава не даходзіць. Але ж трэба неяк выпраўляцца) veragodna, з якой я, дарэчы, развіртуаліўся на мінулых выходных (чакайце допіс пра гэтую падзею ў ейным жж), параіла пачаць з анонсу маіх ТВ-прыгодаў. Такім чынам: заўтра, у нядзелю, а 12.10 глядзіце ўважліва канал АНТ (у іх, паміж тым, зьявілася інтэрнэт-трансьляцыя на сайце ont.by).

Што да далейшай рэдакцыйнай палітыкі, то хацелася б абмеркаваць яе разам з вамі: скажыце, пра што вам было б больш цікава чытаць: пра кіно, пра кнігі, пра падарожжы ці пра нешта яшчэ?
Я

Рэймскія замалёўкі

Калі я слухаў арганны канцэрт у рэймскім Нотр-даме, ў галаве нарадзіўся наступны сюжэт для фільму: беларускі школьнік з клясы 6-ай - 8-ай сядзіць на ўроку гісторыі і ў нейкі момант засынае. У наступнай сцэне мы бачым яго ўжо на пачатку 15-га стагодзьдзя, а дакладней ўлетку 1410 году, пры двары князя Вітаўта. З самім князем ён сустракаецца праз пэўны час ( як менавіта гэта адбудзецца, я не прадумаў ). У нашага хлапца атрымоўваецца пераканаць Вітаўта прыняць яго парады падчас Грунвальдзкай бітвы, а для школьніка гэта ня цяжка, бо ён калісьці чытаў кнігу пра гэтыя падзеі і таму ведаў усе пляны крыжакоў ( крыху парадаксальна, але для такога фільму ў самы раз) ). Вынік ў любым выпадку застаецца тым жа. Паралельна хлопчык закахаецца ў дачку ( пляменьніцу, унучку ці іншыя варыянты ) князя ягонага ўзросту, і пэўныя стасункі паміж імі таксама можна паказаць. Мова ў гістарычнай частцы будзе беларуская ( асучасьненая, хаця зразумела, што тады яна гучала па-іншаму ), а сам галоўны герой ці пачне на ёй размаўляць, ці будзе беларускамоўным ад пачатку.

Collapse )
Я

Homo sapiens ludens

You win, you lose...

Я заўважыў, што амаль не пішу пра свае асноўнае хобі — інтэлектуальныя гульні, якія займаюць даволі важную частку ў маім жыцьці. А між тым я займаюся, ці хутчэй жыву імі ўжо 11 год. Зь іх 10 год, ці дакладней сэзонаў я быў капітанам каманды "Амаль што геніі" ( "Почти что гении", ці проста ПЧГ ). Назва прыдумалася літаральна за некалькі хвілінаў на першым школьным турніры ( "А давайце "Геніі" — Неяк занадта патасна — Ну тады будзем "амаль што"..." ). За гэты час зьявіліся сябры, добрыя знаёмыя, увогуле сьвет шдкашнікаў — своеасаблівая тусоўка, з элемэнтамі субкультуры, у чымсьці закрытая, шмат шлюбаў, рамантычных адносінаў менавіта са "сваімі". Дзякуючы гэтаму хобі я шмат падарожнічаю, у 10-й клясе скаталіся ў Піцер, некалькі разоў наведваў абласныя цэнтры ( таму мяне часам дзівіць, калі людзі кажуць, што ў некаторых не былі ). Што да характару, зьмены, пэўна, лепей бачныя іншым, хаця "прафдэфармацыю" і я заўважаю ( пры наяўнасьці нейкага пытаньню, кшталту, адкуль гэтая цытата, ці хто напісаў песьню, не супакоюся, пакуль не даведаюся) ). Але і сама гульня адпавядае маёй асобе, дазваляе самасьцьвярджацца і самарэалізоўвацца.

Collapse )
Я

Vacation Planner

Крыху пра пляны на лета, якое абяцае быць даволі насычаным:
1) Украіна (16-20.06): праз пару дзён еду на Эўра разам з korrica і яшчэ двума сябрамі. Наведаем два матчы POR-NED і SWE-FRA, упершыню пабываю ў Сумах і Харкаве.
2) Масква (3-6.07): асноўнай мэтай падарожжа ў кампаніі _socrat_ будзе канцэрт Queen ( цікава, што ўлетку я зьбіраюся на два канцэрты, якія у гэтым допісе я назваў як самыя жаданыя, што называецца, фармулюйце свае жаданьні і яны выканаюцца) ). Зразумела, што без Фрэдзі гэта зусім іншы гурт, але нават такой магчымасьці я вельмі рады. Ну і Маскву пагляджу, бо быў там толькі ў дзяцінстве праездам.
3) Ізраіль (19-30.07): дзякуючы праграме Ізраільскай дзяржавы і настойлівасьці hairahana у мяне будзе магчымасьць наведаць краіну, з якой зьвязвае як мінімум адна чвэрць мяне ( дарэчы, калі хто яшчэ ня ведаў, таму я і маю такое прозьвішча ). Будзе цікава паглядзець, як там, а таксама наведаю яшчэ адну хай не зусім эўрапейскую краіну, але сябра UEFA.
4) Кракаў-Парыж (11-20.08): гэтая вандроўка яшчэ толькі плянуецца, але вельмі імаверная. Хочацца патрапіць сюды і закрыць яшчэ адзін музычны гэштальт) А потым можна і ў Парыж зьлятаць. Увогуле, я адчуваю, што вандроўкі ў Парыж стануць рэгулярнымі і больш частымі.

Ну вось прыкладна так. Ёсьць яшчэ пляны на восень, але яны пакуль зусім не акрэсьленыя. Па выніках пастараюся напісаць справаздачы, але абяцаць ня буду, улічваючы, што ўжо паўтары гады не магу напісаць мінулую)
Я

Пра дзяцей розуму

За мінулы год я зрабіў заплянаванае і прачытаў 12 кніг, што выглядае лепей на фоне 5-8 у папярэднія некалькі гадоў. Некалькі словаў пра прачытанае: кнігі можна ўмоўна разьбіць на нейкія пары. Так, першыя дзьве, "4-х гадзінны працоўны тыдзень" Тыма Фэрыса і "Мастацтва думаць маштабна" Дэвіда Шварца, можна назваць кнігамі па самаматывацыі, трансьлятарамі амэрыканскага "Yes, we can" і ў якіх пішуць пра тое, як менш працаваць і больш зарабляць. Але менавіта гэтыя я не лічу бессэнсоўнымі, пэўныя думкі і ідэі яны нясуць, магчыма, яны паўплывалі на мае рашэньне наконт працы.

Collapse )
Я

500 дзён зімы

Правядзем невялікую апытанку: якія 3 якасьці ці рэчы ўва мне вам больш за ўсё падабаюцца, а якія больш за ўсё не падабаюцца? Можаце ўказваць якасьці як чалавека, можаце — як хлапца. Можаце больш ці менш за 3. Можаце пісаць ананімна, ці адказаць асабістым паведамленьнем, калі ня хочаце, каб бачылі іншыя. Можаце ўвогуле нічога не пісаць) Галоўнае — будзьце шчырымі.
  • Current Music
    Ennio Morricone - The good, the bad and the ugly
  • Tags